У Ізраілі знайшлі скарб VII стагоддзя з чыстага золата

Падчас раскопак у старажытным горадзе Баніяс археолагі знайшлі ў сцяне 44 візантыйскія манеты з чыстага золата, якія датавалі VII стагоддзем. Хутчэй за ўсё, скарб схавалі ў 635 годзе, калі ў рэгіён прыйшлі мусульмане-заваёўнікі, піша Бі-бі-сі.

07.10.2022 / 22:07

Агульная вага манет — 170 грамаў. Некаторыя з іх адчаканілі пры візантыйскім імператары Флавіі Фоку, які кіраваў у першае дзесяцігоддзе VII стагоддзя, але большасць — пры ягоным пераемніку Іракліі I.

Эксперты лічаць, што скарб дапаможа лепш зразумець абставіны мусульманскай заваёвы тэрыторыі цяперашняга Ізраіля і пакідання Візантыяй гэтага рэгіёна.

«Лёгка ўявіць, як уладальнік хаваў сваю маёмасць ад вайны, спадзеючыся вярнуцца і забраць сваё багацце. Але мы ўжо ведаем, што яму не пашанцавала», — сказаў кіраўнік раскопак Ёаў Лерэр.

Акрамя залатога скарбу, археолагі знайшлі ў гэтым квартале старажытнага горада бронзавыя манеты, руіны будынкаў, фрагменты каналаў і вадаправода.

Горад Баніяс вядомы хрысціянам тым, што менавіта тут Ісус Хрыстос сказаў апосталу Пятру: «І на скале гэтай узвяду Царкву сваю».

Nashaniva.com