Каменныя балваны на востраве Пасхі пацярпелі ад ляснога пажару, некаторыя — непапраўна

На востраве Пасхі на гэтым тыдні здарыўся прыродны пажар, у выніку якога абгарэла частка знакамітых і загадкавых статуй — мааі. Мясцовыя ўлады гавораць, што для некаторых з іх наступствы выглядаюць непапраўнымі.

07.10.2022 / 10:00

Фота: MuniRapaNui / Facebook

Пажар закрануў тэрыторыю каля патухлага вулкана Рана-Рараку, на схілах якога знаходзіцца частка статуй.

Агонь нанёс «непапраўную шкоду» каменным балванам, паведаміў у Facebook муніцыпалітэт Рапа-Нуі.

Лясны пажар на востраве пачаўся 4 кастрычніка, пад вечар наступнага дня яго патушылі. Агонь распаўсюдзіўся на плошчы 100 га і дасягнуў унутранага схілу патухлага вулкана Рана-Рараку, дзе знаходзіцца частка статуй.

Як паведамілі мясцовыя ўлады, ад пажару пацярпелі амаль 30 балванаў. Усяго ў раёне Рана-Рараку іх 386 — 265 звонку і 121 ўнутры вулкана.

Усяго іх на востраве амаль тысяча. Гэтыя каменныя статуі вырабіла ў перыяд прыкладна з 1400 г. да 1650 г. мясцовае племя рапануі.

Вышыня большасці мааі — каля 4 метраў, а самы вялікі з іх узвышаецца на 10 метраў і важыць 74 тоны.

Востраў Пасхі адкрыўся для турыстаў пасля кавіднага каранціну ўсяго тры месяцы таму. Цяпер частка яго тэрыторыі зноў закрытая — спецыялісты аглядаюць статуі і высвятляюць, наколькі сур'ёзна яны пацярпелі.

Востраў Пасхі знаходзіцца ў Ціхім акіяне за 3,7 тыс. км ад узбярэжжа кантынентальнай часткі Чылі. У 1995 годзе нацыянальны парк Рапануі быў уключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Nashaniva.com