Усевалад Сцебурака. Незнаёмаму земляку. Верш

Паэт Усевалад Сцебурака ў фэйсбуку апублікаваў новы шчымлівы верш.

06.10.2022 / 20:43

Ты новыя мовы вучыцьмеш старанна
і пойдзеш у далёкі сусвет,
а я паступлю ў інстытут туманаў
на восеньскі факультэт.

Сустрэнуць цябе невядомыя зоры
і шлях на чатыры бакі,
А я буду ніткі тутэйшых сцяжынак
наматваць у клубкі.

Па ветры пускаць павуцінне і лісце,
начныя запальваць агні,
і цёплай смугою захутваць дрэваў
азяблыя карані…

Збіраць журавоў на балотах у стаі,
буслоў кіраваць на адлёт,
і хвалям азёрным спяваць калыханкі,
і рэчкам прыкладваць лёд…

Хай нашая восень табе будзе сніцца —
ты памятай гэту зямлю.
Я сум успамінаў, як пляшку па чарках,
па лужынах разалью…

Nashaniva.com