Мінабароны ФРГ: За трэніроўкамі ўкраінскіх вайскоўцаў у Германіі спрабавалі шпіёніць

Невядомыя асобы спрабавалі шпіёніць за базай бундэсвера ў баварскім Вільдфлекене з дапамогай беспілотніка ў ноч з 30 верасня на 1 кастрычніка.

02.10.2022 / 22:38

Фота ілюстрацыйнае

Федэральнае міністэрства абароны Германіі ўжо пацвердзіла, што такі інцыдэнт сапраўды быў. У паведамленні ведамства гаворыцца, што адразу пасля выяўлення беспілотнікаў паліцэйскія правялі спецыяльную аперацыю — яе дэталі не выдаюцца.

Крыніцы выдання Business Insider распавялі, што ў шпіянажы было задзейнічана каля 12 беспілотнікаў: як мяркуецца, сачэнне арганізаваў расійскі бок. Пры гэтым суразмоўцы выдання падкрэсліваюць, што ніякай небяспекі для насельніцтва лятаючыя апараты не стваралі.

Проста цяпер на палігоне бундэсвера ў Вільдфлекене ўкраінскія салдаты вучацца карыстацца браніраванымі машынамі Dingo. Урад Германіі раней паабяцаў паставіць Украіне 50 такіх аўтамабіляў.

Nashaniva.com