У Каўнасе адбылася прэзентацыя кнігі Таццяны Астроўскай пра культуру і супраціў у БССР

У межах 10-га Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Каўнасе з 30 верасня па 2 кастрычніка, адбылася прэзентацыя даследавання Таццяны Астроўскай «Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988)», піша «Вясна».

02.10.2022 / 16:37

Кніга ахоплівае перыяд 1968-1988, але, як лічыць аўтарка:

«Гісторыя не скончаная, бо супраціў культуры і сродкамі культуры працягваецца. Сёння грамадства сутыкаецца з беспрэцэдэнтымі рэпрэсіямі».

«Гэта кніга пра тое, як штосьці адбываецца там, дзе, падаецца, нічога не адбываецца. Савецкую Беларусь часта прыводзяць у прыклад як краіну з адсутнасцю пратэсных патэнцыялаў. Але ў Беларусі былі важкія падставы для нязгоды», — сказала падчас прэзентацыі Таццяна Астроўская.

Яна таксама адзначыла ролю рэдактара кнігі Алеся Бяляцкага, які цяпер палітзняволены:

«Алесь для мяне і для многіх ёсць маральным ідэалам. Ён і яго пакаленне сфарміравала мяне і шмат каго іншых інтэлектуальна».

Nashaniva.com