Стала вядома, што Германія ўжо некалькі месяцаў перадае разведвальныя даныя ўкраінцам

У маі гэтага года канцлер Германіі Олаф Шольц ухваліў перадачу Украіне не толькі ўзбраенняў, але і сакрэтнай інфармацыі, якая ўключае разведвальныя даныя. Пра гэта гаворыцца ў сумесным расследаванні газеты Zeit і часопіса ARD Kontraste.

29.09.2022 / 07:52

Рашэнне даць Украіне разведданыя, якія патэнцыйна могуць быць выкарыстаныя ў ваенных мэтах, было прынятае Шольцам пасля адпаведнага звароту Федэральнай разведвальнай службы. У расследаванні сказана, што Кіеву з мая даюць спадарожнікавыя здымкі, перахопленыя радыё— і тэлефонныя паведамленні.

У тым жа месяцы, піша Zeit, разведка замовіла праверку «юрыдычнай дапушчальнасці перадачы ва Украіну інфармацыі». Па выніку было прынятае рашэнне, што перадача такіх даных не азначае ўступлення Германіі ў вайну і магчымая ў адпаведнасці з міжнародным правам.

Nashaniva.com