Гіркін: Лукашэнка павінен кінуць на шалі ўсё, што ў яго ёсць, каб мы атрымалі перамогу

Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну Расіі з Украінай, а параза Расіі пагражае паразай самому Лукашэнку. Пра гэта заявіў былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў).

27.09.2022 / 12:21

Былы міністр абароны так званай «ДНР» Ігар Стралкаў-Гіркін

Адказваючы на сваім канале на пытанне, ці будзе ўцягнутая ў канфлікт Беларусь, Гіркін адказаў: «Абавязкова. Беларусь (Гіркін гаворыць «Белоруссия» — НН) ужо ўцягнутая ў гэты канфлікт. Таму што ніхто ёй не забудзе і не даруе, што б там Лукашэнка ні думаў, што з яе тэрыторыі ледзь не ўзялі Кіеў, ледзь не ўзялі Чарнігаў і ледзь не ўзялі Сумы. Расійскія войскі вялі баявыя дзеянні, стартаваўшы з тэрыторыі Беларусі».

На думку Гіркіна, Лукашэнка не зможа «праслізнуць паміж кроплямі дажджу, не замачыўшыся».

«Калі Расійская Федэрацыя прайграе гэту вайну, на наступны дзень задушаць Беларусь і самога Лукашэнку, проста як клапа задушаць. І ён нічога зрабіць не зможа. Нават калі зноў будзе бегаць з аўтаматам па вуліцы. На наступны дзень, максімум тыдзень — гэта самы максімум. Таму ў любым выпадку, калі Лукашэнка не поўны дурань, ён павінен кінуць на шалі ўсё, што ў яго ёсць, каб мы атрымалі ў гэтым перамогу. Ну а калі мы будзем цярпець паражэнне, то, я думаю, ціснуць яго пачнуць яшчэ да таго, як мы канчаткова прайграем гэтую вайну. Я спадзяюся, гэтага не будзе», — кажа Гіркін.

Гіркін, былы палкоўнік Федэральнай службы бяспекі Расіі, належыць да шавіністычнага крыла расійскіх сілавікоў.

Чытайце таксама:

«Як бы Лукашэнка задам ні круціў сваім адседжаным». Беларусам варта зразумець, што незалежнасць азначае вайну, кажа Стралкоў

«Мы ўжо прайгралі, астатняе — пытанне часу»: расійскія блогеры змянілі тон

Расійскі афіцэр расказаў, як развівалася ўкраінская аперацыя пад Ізюмам. Ëн не разумее, чаму ўкраінцы не захацелі замкнуць акружэнне

Nashaniva.com