Аляксея Навальнага адправілі ў ШІЗА пяты раз запар. Палітык знаходзіцца там ужо амаль паўтара месяца

«Навальны зноў у ШІЗА. Яго выпусцілі з ШІЗА ўчора пасля 15 сутак, адправілі на строгія ўмовы ўтрымання, і праз ноч — зноў пасадзілі ў штрафны ізалятар на 12 сутак, дзе ён цяпер і знаходзіцца», — распавяла ў сваім тэлеграм-канале яго прэс-сакратарка Кіра Ярмыш.

23.09.2022 / 11:03

Паводле яе слоў, у адміністрацыі калоніі палітыку проста сказалі, што яго адправілі ў штрафны ізалятар з-за слоў пра мабілізацыю на мінулым судзе.

«Калі маё права выступіць супраць гэтай злачыннай мабілізацыі, праз якую дзясяткі тысяч людзей загінуць ні за што… Я пасяджу [за гэта] 12 сутак і колькі яшчэ трэба пасядзець. І вы сваім ШІЗА мне рот не заткняце. <…> Таму што тое, што адбываецца цяпер, значна страшней за 12 сутак… Пуцін крывёю звязвае сотні тысяч людзей мабілізацыямі і рэферэндумамі», — сказаў тады Навальны ў судзе.

Цяпер ідзе іншы суд з удзелам палітыка. Навальны аспрэчвае яго першае змяшчэнне ў ШІЗА 12 жніўня. Тады наглядчыкі адправілі яго ў штрафны ізалятар за расшпілены верхні гузік на турэмнай робе.

Nashaniva.com