Былому міністру юстыцыі Кітая вынеслі смяротны прысуд умоўна

Былога міністра юстыцыі Кітая Фу Чжэнхуа ў чацвер прысудзілі да смяротнага пакарання з адтэрміноўкай на два гады і перспектывай замены пакарання пажыццёвым зняволеннем. Фу асудзілі за хабар, але абвінавачвалі і ў прыналежнасці да групы змоўцаў.

22.09.2022 / 21:32

Незалежныя каментатары лічаць Фу адной з ахвяр чысткі, зладжанай кіраўніком кітайскай дзяржавы Сі Цзіньпінам перад з'ездам Камуністычнай партыі Кітая.

Паводле афіцыйнага абвінавачвання, цяпер 67-гадовы Фу браў хабар цягам апошніх 17 гадоў, займаючы высокія пасады ў праваахоўных органах Пекіна і ўсёй краіны.

Днём раней да вялікіх турэмных тэрмінаў былі прысуджаныя тры высокапастаўленыя паліцэйскія чыны — былыя начальнікі паліцыі мегаполісаў Шанхай і Чунцын, а таксама правінцыі Шаньсі. Усіх траіх, як і Фу Чжэнхуа, фармальна пасадзілі за хабар, не абвінавачваючы ў нелаяльнасці да старшыні КНР Сі Цзіньпіна.

Nashaniva.com