Зяленскі: Пуцін увесь апошні месяц праводзіў мабілізацыю, але падраздзяленні ўцякаюць

Прэзідэнт Украіны ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Bild заявіў, што «частковая мабілізацыя», афіцыйна аб'яўленая ў Расіі Уладзімірам Пуціным, была чаканай і нічога не зменіць у планах Украіны.

21.09.2022 / 17:21

Зяленскі сказаў, што не глядзеў зварот Пуціна: «У мяне ёсць уся неабходная інфармацыя… Нічога новага для мяне. Нашы спецслужбы і нашы саюзнікі пра гэта ўжо сказалі. Увесь апошні месяц ён праводзіў мабілізацыю».

«Мы ўжо ведаем, што яны мабілізавалі курсантаў, — хлопцаў, якія не ўмелі ваяваць. Гэтыя курсанты загінулі. Яны нават не змаглі скончыць вучобу. Усе гэтыя людзі не могуць ваяваць. Яны прыйшлі да нас і гінуць… Ён бачыць, што яго падраздзяленні проста ўцякаюць. Яму патрэбнае мільённае войска, каб прыйсці да нас. Бо ён бачыць, што значная частка тых, хто да нас прыходзіць, проста бяжыць. Ён хоча ўтапіць Украіну ў крыві, але і ў крыві ўласных салдат», — дадаў прэзідэнт Украіны.

Nashaniva.com