Расія перадасць Беларусі муляжы дакументаў аб падзеле Рэчы Паспалітай

Расія перадасць у дар Беларусі копіі дакументаў, прысвечаных падзелу тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, адкрываючы выставу, прысвечаную «250-годдзю ўз'яднання народаў Расіі і Беларусі» — так расійскія прапагандысты акрэсліваюць цяпер першы падзел Рэчы Паспалітай.

19.09.2022 / 17:43

«Гэтыя экспанаты ніколі раней не пакідалі сховішча», — падкрэсліў Лаўроў. Захоўваюцца яны ў Архіве знешняй палітыкі Расійскай імперыі.

Паведамляецца, што гаворка ідзе пра такія дакументы, як руска-пруская і руска-аўстрыйская канвенцыі аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, Варшаўскі надзвычайны мірны дагавор аб «далучэнні» да Расіі шэрагу земляў, запіскі члена Калегіі замежных спраў Аляксандра Безбародкі па польскіх справах на адрас Кацярыны II з яе ўласнаручнай рэзалюцыяй.

«Мы падрыхтавалі муляжы гэтых унікальных матэрыялаў і перададзім іх сёння ў дар беларускім сябрам», — сказаў Лаўроў.

Nashaniva.com