Жыхару Бабруйска далі тры гады па «справе Зельцэра»

Судом Магілёўскай вобласці пры канцы жніўня вынесены прысуд па крымінальнай справе жыхара Бабруйска Сяргея Фісюка. Яго абвінавацілі паводле ч. 1, арт, 130 (здзяйсненне дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці).

19.09.2022 / 14:48

Справу разглядала суддзя Ірына Ланчава.

Суд пастанавіў, што 59-гадовы Сяргей Фісюк у верасні 2021 года, знаходзячыся ў Бабруйску, «у тым ліку па месцы працы, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона ў публічным чаце экстрэмісцкага Telegram-канала размясціў каментарый з выказваннем пабуджальнага характару, які заклікае да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Каментарый тычыўся «справы Зельцэра», калі ў выніку інцыдэнту ў кватэры праграміста Андрэя Зельцэра быў застрэлены супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк».

Судовы працэс пачаўся 26 жніўня.

Магілёўскі абласны суд прызнаў Фісюка вінаватым і на падставе ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мабільны тэлефон канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Nashaniva.com