Макей возьме ўдзел у Генасамблеі ААН

Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем з 21 да 26 верасня возьме ўдзел у 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляе прэс-служба МЗС.

19.09.2022 / 09:22

Праграмай візіту прадугледжаныя: выступленні на агульнапалітычнай дыскусіі 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, удзел у сустрэчах міністраў замежных спраў дзяржаў — членаў АДКБ і дзяржаў — удзельніц Руху недалучэння, міністэрскай сустрэчы групы сяброў у абарону Статута ААН, міністэрскай сустрэчы групы аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу, падпісанні Канвенцыі аб палягчэнні ўмоў перасячэння межаў пры Міжнароднай чыгуначнай перавозцы пасажыраў, багажу, таварабагажу.

На палях Генасамблеі запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч Уладзіміра Макея з калегамі з Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, кіраўніцтвам арганізацыі Аб'яднаных Нацый, гаворыцца ў паведамленні.

Таксама абвешчана акцыя «За Макеем у ААН», праанансаваў МЗС.

Калі ты школьнік, студэнт ці проста энтузіяст у сферы міжнародных адносін, самы час задаць пытанне аб дзейнасці Беларусі ў ААН і атрымаць адказ ад Уладзіміра Макея з Нью-Ёркуа!

Даслаць сваё пытанне можна асабістым паведамленнем 20 верасня ў акаўнтах МЗС у фэйсбуку, УКантакце і TikTok. Адпаведны тэматыцы пытанне будзе абраны выпадковым чынам! 

Адметна, што да 22 верасня ўдзел у мерапрыемствах сесіі Генасамблеі ААН бярэ і Святлана Ціханоўская.

Nashaniva.com