У кампаніі з Паўночнай Карэяй і Эрытрэяй. Беларусь у ААН выказалася супраць відэазвароту Зяленскага

Генасамблея ААН прагаласавала за тое, каб зрабіць выключэнне з правілаў і дазволіць прэзідэнту Украіны выступіць на 77-й сесіі не вочна, а з відэазваротам. 

17.09.2022 / 16:03

Гэта падтрымалі 101 дэлегацыя. Супраць выступілі 7 краін — Куба, Нікарагуа, Расія, Паўночная Карэя, Сірыя, Эрытрэя і Беларусь. Яшчэ 19 краін устрымаліся.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што выключэнне робіцца толькі для бягучай сесіі і не павінна стаць прэцэдэнтам. 

Зварот Зяленскага запланаваны на другую палову дня ў сераду 21 верасня.

Нагадаем, што ў сесіі Генасамблеі ААН возьме ўдзел і Святлана Ціханоўская.

Nashaniva.com