ISW: Рэгіёны РФ заяўляюць аб «самамабілізацыі» і новых батальёнах для вайны ва Украіне

У сваёй традыцыйнай справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны заяўляе, што расійскія адміністрацыйныя чыноўнікі аб'ядноўваюцца вакол закліку лідэра Чачні Рамзана Кадырава да «самамабілізацыі» на мясцовым узроўні, каб надаць дадатковыя сілы расійскім вайскоўцам.

17.09.2022 / 08:25

Фота Аляксандра Магулы.

16 верасня мэрыя Уладзівастока пацвердзіла, што рассылае лісты мужчынам ва ўзросце ад 25 да 63 гадоў, якія маюць досвед вайсковай службы і службы ў запасе, а таксама тым, хто стаіць на ўліку ў мясцовым вайсковым камісарыяце, з запрашэннем далучыцца да БАРС (боевой армейский резерв страны) або так званых добраахвотніцкіх падраздзяленняў «Тыгр» (марская пяхота).

Мэрыя падкрэсліла, што «кожны прымае ўласнае рашэнне». Расійскія вярбоўшчыкі, верагодна, маюць на мэце збіць атрымальнікаў з панталыку, каб яны падумалі, што былі фармальна і юрыдычна закліканыя; насамрэч лісты толькі запрашэнне абмеркаваць валанцёрства.

Заява ўладаў Уладзівастока сведчыць пра тое, што расійскае муніцыпальнае кіраўніцтва можа адчуваць ціск з боку федэральных уладаў на стварэнне пэўнай колькасці «добраахвотніцкіх батальёнаў».

Іншыя мясцовыя лідары аб'явілі пра новыя батальёны ў падтрымку закліку Кадырава. Губернатар Кіраўскай вобласці Аляксандр Сакалоў аб'явіў, што Кіраў сфарміраваў свой другі добраахвотніцкі батальён пад назвай «Шыронін» і заявіў, што абласны добраахвотніцкі батальён «Вятка» ўжо ваюе ва Украіне.

Прызначаны Расіяй кіраўнік акупаванага Крыма Сяргей Аксёнаў 16 верасня паведаміў, што Крым актывізуе працу па наборы добраахвотнікаў. Ён зазначыў, што да фінансавання добраахвотніцкіх батальёнаў для надання неабходнай сучаснай тэхнікі падключыліся невядомыя буйныя банкаўскія ўстановы.

Губернатар Магаданскай вобласці Сяргей Носаў заявіў аб фінансавай падтрымцы закліку Кадырава і заклікаў усе рэгіёны да самамабілізацыі.

Кіраўнікі Варонежскай, Чувашскай і Башкірскай абласцей таксама заявілі аб падтрымцы самамабілізацыі і пра тое, што каля 1000 добраахвотнікаў з кожнай з іх абласцей ужо задзейнічаныя на вайне.

Кемераўскі губернатар Сяргей Цывілеў паабяцаў фінансавую падтрымку добраахвотніцкіх батальёнаў і заявіў, што многія жыхары Кемерава ўжо ваююць у расійскай арміі.

Сам Кадыраў 16 верасня аб'явіў, што яго чачэнскія батальёны «Ахмат», «Усход» і «Захад» перакінутыя ў раёны Данбаса. Кадыраў таксама аб'явіў, што стварыў яшчэ адзін атрад «Ахмат-1» з 2000 узброеных да зубоў чалавек і сцвярджаў, што гэта не апошні атрад, які ён і Чачэнская Рэспубліка сфарміравалі.

Ён сцвярджаў, што яго новае падраздзяленне будзе весці агонь па ўкраінскім і заходнім персаналу (пра які Кадыраў звычайна беспадстаўна сцвярджае, што ён ваюе непасрэдна плячом да пляча з украінскімі вайскоўцамі) ва Украіне, але не ўдакладніў, ці разгорнутае падраздзяленне.

У жніўні аналітыкі Інстытута вывучэння вайны называлі чатыры вобласці ў Расіі, у якіх фармуюць добраахвотніцкія батальёны для вайны ва Украіне: Новасібірская, Саратаўская, Ульянаўская і Курганская.

Nashaniva.com