На трасе М1 у Брэсцкай вобласці за дзень збілі двух ласёў

Адразу два ДТЗ з удзелам ласёў здарыліся на адным участку дарогі ў Брэсцкай вобласці з інтэрвалам у некалькі гадзін. Першая аварыя адбылася на 217-м кіламетры, а другая — на 127-м, паведамляе ДАІ Брэсцкай вобласці.

16.09.2022 / 22:17

У Баранавіцкім раёне дзікая жывёліна выбегла на дарогу каля апоўначы. 36-гадовы жыхар горада Іванава на Renault ехаў па крайняй левай паласе аўтадарогі М-1 у напрамку Брэста. На 217-м кіламетры ў бакавую частку машыны «прыляцеў» лось.

Аўтамабіль з'ехаў у кювет, жывёліна загінула на месцы, кіроўца з траўмамі шпіталізаваны.

А ў Бярозаўскім раёне лось нечакана з'явіўся на 127 км той жа дарогі М1 каля 06.30. Тут, праўда, наступствы былі крыху мякчэйшымі: грузавік МАЗ абышоўся нязначнымі пашкоджаннямі, але жывёліна загінула і тут.

Як патлумачылі ў ДАІ, часцей за ўсё аварыі з удзелам гэтых жывёл акурат і здараюцца ў канцы лета — пачатку восені. У гэты час вадзіцелям раяць быць вельмі ўважлівымі, бо ў аленяў і ласёў пачынаецца перыяд гону, пры якім яны актыўна перамяшчаюцца. Самы небяспечны час — вячэрнія і ранішнія прыцемкі.

Рэкамендуецца, убачыўшы на абочыне жывёла, максімальна зменшыць хуткасць. Як тлумачаць эколагі, ласі і алені прымаюць аўтамабіль за драпежніка і ў самы апошні момант кідаюцца праз дарогу.

Nashaniva.com