Мінчанка махлявала са «здачай» пакоя, які здымала сама

Дзяўчына здымала ў Мінску пакой і размяшчала на сайтах аб'яву аб яго здачы, а калі атрымлівала ад «будучых арандатараў» заклад, то знікала, паведамляе тэлеграм-канал «Міліцыя Мінска».

15.09.2022 / 20:40

Фота ілюстрацыйнае

24-гадовы жыхар Мінска знайшоў у інтэрнэце аб'яву аб здачы пакоя ў арэнду. «Гаспадыня», якая размясціла аб'яву, сказала, што на пакой вялікі попыт, таму лепш было б унесці заклад. Хлопец пералічыў ёй 150 рублёў авансу, і пасля гэтага дзяўчына знікла. 

Міліцыя, у якую хлопец звярнуўся, пасля высветліла, што «гаспадыняй» пакоя прадстаўлялася 24-гадовая дзяўчына, якая сама ж гэты пакой і здымала. Яна распрацавала цэлую схему: на розных сайтах размяшчала аб'яву, нібыта пакой здаецца, і брала ў ахвотных арандаваць жыллё заклад. А пасля гэтага пераставала выходзіць на сувязь.

На дзяўчыну завялі крымінальную справу за махлярства.

Nashaniva.com