Віцяблянін спрабаваў абмяняць 1000 фальшывых еўра, прывезеных з Польшчы

У віцебскім банку кліент даў касірцы дзве купюры па 500 еўра, папрасіўшы абмяняць іх на беларускія рублі. Але супрацоўніца банка засумнявалася ў сапраўднасці грошай і націснула на трывожную кнопку, паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

15.09.2022 / 17:31

Дэпартамент аховы затрымаў мужчыну, і наступная экспертыза вызначыла, што падазрэнне касіркі мела пад сабой падставу — еўра сапраўды былі фальшывымі.

У абменнік, як высветлілася пазней, іх прынёс 33-гадовы юрысконсульт прыватнай фірмы. Ён растлумачыў, што прывёз грошы з Польшчы, куды ездзіў па справах. Абедзве купюры яму нібыта выдаў банкамат пасля аперацый з мясцовай картай.

Фальшывыя еўра міліцыя канфіскавала, па факце іх вырабу распачатая крымінальная справа.

Nashaniva.com