На пахаванне Лізаветы ІІ не запрасілі прадстаўнікоў Беларусі, Расіі і М'янмы

Расія, Беларусь і М'янма не запрошаныя на пахаванне каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II, а Іран будзе прадстаўлены на ўзроўні пасла

13.09.2022 / 13:29

Пра гэта паведаміла агенцтва PA са спасылкай на крыніцы ў брытанскім урадзе.

Пахаванне брытанскай каралевы Лізаветы ІІ, што памерла 8 верасня, адбудзецца 19 верасня.

Чакаецца, што развітацца з манархам прыедуць каля 500 высокапастаўленых палітыкаў з усіх краін свету. Будучае пахаванне называюць найбуйнейшым дыпламатычным сходам, сярод тых, якія праводзіліся ў Вялікабрытаніі за некалькі дзесяцігоддзяў.

Раней СМІ паведамлялі пра тое, што запрошаным на пахаванне гасцям рэкамендуюць не карыстацца прыватным транспартам — іх будуць развозіць спецыяльныя аўтобусы. Выключэнне будзе зробленае для прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з-за меркаванняў бяспекі.

Кіраўнікі дзяржаў змогуць узяць на пахаванне яшчэ аднаго чалавека.

Nashaniva.com