Затрыманых на вызваленай Харкаўшчыне расійскіх настаўнікаў будуць судзіць

Віцэ-прэм'ерка Украіны Ірына Верашчук паведаміла, што некаторых настаўнікаў з Расіі, якія прыехалі вучыць дзяцей па расійскай праграме на акупаваных украінскіх тэрыторыях, затрымалі і цяпер будуць судзіць па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны. 

12.09.2022 / 22:50

Ірына Верашчук

«Яны здзейснілі злачынства супраць нашай дзяржавы. Мы шмат разоў папярэджвалі расійскіх грамадзян, якія пагадзіліся прыехаць на тэрыторыю Украіны і ажыццяўляць тут забароненую законам дзейнасць», — сказала Верашчук.

Таксама віцэ-прэмʼерка дадала, што разглядаць настаўнікаў як ваеннапалонных не будуць, паколькі яны не камбатанты — гэта значыць, не ўдзельнікі ваенных дзеянняў. Адпаведна, яны і не патрапяць у спісы на абмен ваеннапалоннымі.

А пагражае ім за тыя дзеянні, якія ставяцца ў віну, да 12 гадоў зняволення.

Пойдуць пад суд і ўкраінскія педагогі, якія пагадзіліся выкладаць па расійскай праграме, сцвярджае Верашчук. Яны будуць праходзіць па артыкуле аб калабарацыйнай дзейнасці (да 15 гадоў пазбаўлення волі). 

Nashaniva.com