Еўрадэпутаты заклікалі ЕС скараціць колькасць беларускіх дыпламатаў пасля затрымання Шульц у Мінску

Еўрадэпутаты заклікалі Еўрасаюз скараціць колькасць беларускіх дыпламатаў у Бруселі і сталіцах еўрапейскіх дзяржаў у сувязі з затрыманнем у Мінску часовага паверанага ў справах ЕЗ у Беларусі Эвеліны Шульц.

09.09.2022 / 11:02

Старшыня дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, дэпутат Еўрапарламента Юозас Алекас і пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус заклікалі «імкліва скараціць колькасць беларускіх дыпламатаў, акрэдытаваных у Бруселі і іншых еўрапейскіх сталіцах», а таксама перагледзець сваю дыпламатычную прысутнасць у Беларусі.

— Гэтая абуральная правакацыя — прамы фізічны напад на акрэдытаванага дыпламата — яшчэ адно сведчанне таго, што рэжым Лукашэнкі не спыняецца ні перад чым на сваім дэструктыўным шляху, нават калі гэта азначае паставіць пад пагрозу тое, што засталося ад дыпламатычных адносін з суседзямі, — гаворыцца ў сумеснай заяве.

Еўрадэпутаты заявілі, што затрыманне еўрапейскага дыпламата — гэта парушэнне міжнародных дагавораў, ратыфікаваных Беларуссю, у тым ліку Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах.

Эвеліну Шульц затрымалі пасля прысуду па справе Марфы Рабковай і яшчэ дзевяці чалавек і пратрымалі некалькі гадзін у міліцыі.

Nashaniva.com