ISW: Украінцы прасунуліся ў раёне Балаклеі на 20 км

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) у штодзённай зводцы піша, што ўкраінская армія, відавочна, скарысталася перакідкай расійскіх сіл на поўдзень, у Херсонскую вобласць, каб ударыць у раёне Балаклеі.

08.09.2022 / 08:52

Фота: AP

«Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што расійскія войскі пачалі перакідку падмацавання ў гэты раён, каб адбіць наступ украінцаў, а расійская групоўка ў гэтым раёне, хутчэй за ўсё, была аслабленая праз перакідванне сіл на захоп пакінутай тэрыторыі Данецкай вобласці і на падтрымку паўднёвага кірунку», — пішуць аналітыкі інстытута.

Паводле ацэнкі ISW, заснаванай на паведамленнях многіх крыніц, украінцы ў раёне Балаклеі змаглі прасунуцца прыкладна на 20 км і адваяваць тэрыторыю прыкладна ў 400 кв. км.

«Геалакаваныя здымкі паказваюць, што ўкраінскія часткі прасунуліся па шашы T2210 ад Балаклеі і Вярбоўкі праз Якавенкава, Волахаў Яр (на скрыжаванні T2210 і E40) у бок Шаўчэнкава (на скрыжаванні T2210 і N26)», — піша ISW і адзначае, што, згодна з развагамі расійскіх вайсковых блогераў, украінцы наступаюць таксама і на паўднёвым усходзе ад Балаклеі, імкнучыся перарэзаць шляхі забеспячэння расійскіх войскаў і стварыць умовы для далейшага наступлення на ўсходзе, на важны транспартны вузел Купянск, а таксама на Ізюм, які размешчаны на паўднёвы ўсход ад Балаклеі.

Карта «Бі-бі-сі»

Nashaniva.com