Скончылі рэстаўраваць гістарычны будынак па вуліцы Ракаўскай у Мінску, у ім будзе выстава

Будынак па адрасе Ракаўская, 17 знаходзіцца ў гістарычным квартале Ракаўскае прадмесце і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Некалькі гадоў тут ішла рэстаўрацыя, а цяпер Музей гісторыі горада Мінска будзе прэзентаваць у будынку выставы. 8 верасня адкрываецца першая з іх, паведамляе агенцтва «Мінск-навіны».

05.09.2022 / 18:37

У тэматычных раздзелах выставачнага праекта «Маё імя — Мінск» вобраз Мінска пакажуць у жывапісе і прадукцыі прадпрыемстваў ў выглядзе арыгінальных прадметаў і мадэляў.

Карціны Уладзіміра Тоўсціка, Мая Данцыга, Альгерда Малішэўскага, Леаніда Дударэнкі, Абрама Кроля, Сяргея Раманава і многіх іншых творцаў пакажуць, як мяняўся Мінск на працягу ХХ стагоддзя.

Упершыню будзе прадстаўлена серыя жывапісных партрэтаў «Гісторыя ў асобах» вядомага мінскага мастака Юрыя Крупянкова.

На спецыяльных подыумах будуць размешчаныя інсталяцыі з прадметаў, якія аднаўляюць атмасферу савецкіх часоў. Многія з прадметаў захаваныя і перададзеныя музею простымі мінчанамі. Тут прадстаўлены рэдкія артэфакты — прадукцыя сталічных прадпрыемстваў: радыёла «Мінск Р-7», матацыкл «Мінск М1А», транзістарны радыёпрымач «Мінск-Т», халадзільнік «Мінск-2», якія выпускаліся ў 1940—1960-х гадах.

Выставачны праект будзе працаваць да 5 лютага.

Nashaniva.com