Айцішніка пасадзілі на тры гады за фота ў «Беларускі Гаюн»

У Гомельскім абласным судзе 1 верасня да трох гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 31-гадовага палітзняволенага digital-мастака Віктара Кулінку. За перадачу ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» фота калоны вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў, якая рухалася ў бок Гомеля пасля пачатку вайны, яго абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Справу супраць палітвязня разглядала суддзя Ірына Владыка.

05.09.2022 / 10:44

Віктара затрымалі 30 сакавіка і запісалі з ім «пакаяннае відэа», дзе ён распавядае, што сфатаграфаваў калону вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомеля. Па яго словах, фота ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». 16 сакавіка гэты канал быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Таксама паведамлялася, што сілавікі знайшлі ў яго тэлефоне рэгістрацыю ў «Плане Перамога», паведамляе «Вясна».

У выніку Віктару выставілі абвінавачванне па двух частках артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тыя ж дзеянні, учыненыя групай асобаў па папярэдняй змове. 

Справу супраць Кулінкі пачалі разглядаць 29 жніўня, а 1 верасня быў вынесены прысуд. 

Nashaniva.com