На «Гродна Азоце» чарговае здарэнне: загінуў рабочы

Пры трагічным збегу абставінаў падчас работ па рамонце цэха на ААТ «Гродна Азот» 4 верасня загінуў дэфектаскапіст рэнтгена-, гамаграфіравання аддзела тэхнічнай дыягностыкі Упраўлення прамысловай бяспекі Уладзімір Дарашэнка.

05.09.2022 / 08:38

Пра гэта паведаміла газета «Гродзенскі хімік».

Смяротную траўму Уладзімір Дарашэнка атрымаў пры правядзенні работ па бягучым рамонце цэха карбамід-3. Як паведамляе «Зеркало», з-за абрыву люлькі мужчына сарваўся з вышыні 20-25 метраў. На заводзе ён адпрацаваў амаль васямнаццаць гадоў.

«На сённяшні дзень у прычынах трагедыі не ўстаноўленая відавочная віна наймальніка або работніка», — піша «Гродзенскі хімік».

Нагадаем, на пачатку верасня тэлеграм-канал «Стачкам Азоту» паведаміў, што на заводзе «Гродна Азот» адбылася надзвычайная сітуацыя са спыненнем цэха, пры якой пацярпелі два чалавекі. Паводле папярэдняй інфармацыі «адбылося блакаванне перадклапанаў на лініі аміяку і выхад прадукту». Пацярпелі два работнікі падраднай арганізацыі, якія спускаліся ў калону.