Siemens: Заяўленая «Газпрамам» праблема — не прычына для спынення «Паўночнага патоку»

Уцечка масла, на якую спасылаецца расійскі канцэрн «Газпрам», не можа быць тэхнічнай прычынай для спынення эксплуатацыі газаправода «Паўночны паток». Аб гэтым заявіла нямецкая кампанія Siemens Energy, піша DW.

03.09.2022 / 17:45

«Як вытворца турбін мы можам толькі канстатаваць, што падобнае заключэнне [«Газпрома»] не зʼяўляецца тэхнічнай прычынай для спынення працы. Такія ўцечкі звычайна не ўплываюць на працу турбін і могуць быць ліквідаваны на месцы», — заявілі ў Siemens Energy.

Ліквідацыя падобных непаладак — гэта руцінная аперацыя ў межах прац па тэхнічным абслугоўванні. У мінулым узнікненне такіх інцыдэнтаў не прыводзіла да спынення эксплуатацыі, зазначаецца ў заяве.

У кампаніі дадалі, што ў цяперашні час Siemens Energy не займаецца тэхабслугоўваннем «Паўночнага патоку», але гатова прыняць удзел у тэхнічных работах, адзначыўшы, што «на кампрэсарнай станцыі «Партовая» ёсць дастаткова дадатковых турбін для працы «Паўночнага патоку».

Пасля трохдзённага перапынку на тэхнічнае абслугоўванне пампоўка газу Nord Stream не аднавілася 3 верасня, як тое планавалася першапачаткова. У «Газпраме» прычынай гэтага назвалі ўцечку нафты на кампрэсарнай станцыі «Партовая».

Nashaniva.com