Літва закрыла цэнтр для мігрантаў недалёка ад мяжы з Беларуссю

Афіцыйна закрылі Мядзінінкайскі цэнтр рэгістрацыі іншаземцаў Дзяржаўнай памежнай службы (VSAT), створаны ў перыяд мігранцкага крызісу, штучна створанага рэжымам Лукашэнкі. Па словах міністаркі ўнутраных спраў Агне Білатайце, на яго базе плануюць стварыць асобную ўстанову ў структуры Міністэрства сацыяльнай абароны і працы.

02.09.2022 / 19:25

Цэнтр на тэрыторыі Пасеняйскай школы заснавалі ў верасні 2021 года. З модульных дамоў стварылі лагер, дзе ў разгар крызісу жылі 900 чалавек. Апошнія нелегальныя мігранты былі вывезеныя ў іншыя пункты 18 жніўня.

Агне Білатайце патлумачыла, што памежнікі не павінны займацца прыёмам і размяшчэннем мігрантаў, гэта задача іншых службаў. Таму ў Літве рыхтуюцца папраўкі ў заканадаўства, якія дазволяць стварыць на базе закрытага цэнтра новую ўстанову, падпарадкаваную Міністэрству сацыяльнай абароны і працы. А з VSAT здымуць неўласцівыя функцыі.

Яшчэ чатыры падобныя цэнтры ў Літве пакуль працягваюць працаваць: менш за 600 замежнікаў размешчаныя ў мясцовасцях Пабрадзе, Кібартай, Рукле і Наўінінкай. Больш за 4,2 тыс.чалавек нелегальна трапілі ў Літву толькі за 2021 год.

Чытайце таксама:

Літва скончыла будаваць плот на мяжы з Беларуссю. Яго вышыня пяць метраў

Nashaniva.com