Галоўчанка чакае зніжэння цэнаў на ўнутраным рынку

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас наведвання Талачынскага кансервавага завода заявіў, што найбліжэйшым часам чакае на ўнутраным рынку зніжэння цэнаў. Па яго словах, цэны на спажывецкім рынку абавязкова «прыпадуць», бо сабралі багаты ўраджай.

01.09.2022 / 22:42

Ён нагадаў, што дагэтуль на ўнутраным рынку дзяржорганы фіксавалі цэны, каб тавары заставаліся даступнымі. Гэтая мера цяпер будзе ўзмоцненая праз павелічэнне аб'ёмаў гарантаванай закладкі ў сховішчы гародніны і садавіны прыкладна на траціну да ўзроўню мінулага года.

Рознічныя сеткі цяпер заключаюць доўгатэрміновыя дамовы з пастаўшчыкамі і тымі, хто будзе захоўваць бульбу ды іншую гародніну. Амаль 40% спажыванай на ўнутраным рынку бульбы ўжо закантрактавана, паведаміў Галоўчанка.

Калі кантрактаванне з айчыннымі пастаўшчыкамі завершыцца, сітуацыя па цэнах стане больш стабільная і прагназваная, упэўнены ён.

Nashaniva.com