Добраахвотнікаў для вайны з Украінай у Расіі пачалі шукаць сярод бяздомных

Улады Санкт-Пецярбурга пачалі шукаць добраахвотнікаў для вайны ва Украіне сярод бяздомных: прадстаўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада прыйшоў у адзін з начлежных дамоў і паспрабаваў раздаць агітацыйныя ўлёткі, піша Радыё Свабода.

01.09.2022 / 22:02

Начлежны прытулак «Начлежка» ў Санкт-Пецярбургу

Па словах суразмоўцы выдання, чыноўнік прапанаваў супрацоўнікам начлежнага прытулку раскласці ў ім улёткі з інфармацыяй аб службе па кантракце. Яны яму адмовілі і прапанавалі прайсці да кіраўніцтва, чаго ён рабіць не стаў.

У адміністрацыі Фрунзенскага раёна Санкт-Пецярбурга журналістам факт абыходу ўстаноў для бяздомных людзей пацвердзілі, патлумачыўшы гэта імкненнем праінфармаваць пра магчымасць кантрактнай службы як мага больш жыхароў.

На ўлётках напісана, што стаць кантрактнікамі могуць мужчыны ва ўзросце ад 19 да 59 гадоў з адукацыяй не ніжэйшую за сярэднюю і здароўем, якое дазваляе праходзіць вайсковую службу.

Nashaniva.com