Студэнт Лукашэнку: Пасля падзей 2020 года большая частка народа адмаўляецца слухаць праўладную інфармацыю

Студэнт біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Знак задаў Лукашэнку смелае пытанне, хоць пасля згадкі 2020 года паспрабавалі адключыць мікрафон.

01.09.2022 / 13:29

Дзяніс Знак, студэнт 1 курса біялагічнага факультэта БДУ, спытаў у Лукашэнкі: «Пасля падзей 2020 года большая частка народа Беларусі адмаўляецца, скажам так, слухаць усякую праўладную інфармацыю, праўладную, патрыятычную і гэтак далей. У сувязі з гэтым у мяне пытанне, якія дзеянні мы можам прадпрыняць, каб зняць гэтыя акалічнасці».

Аляксандр Лукашэнка ў адказ паўтарыў свае сцвярджэнні пра тое, што за яго прагаласавалі 5 мільёнаў чалавек, і што сфальсіфікаваць такую падтрымку немагчыма, а пасля сышоў у апісанне сітуацыі вакол кавіду і яго рэакцыі на яго.

Ëн таксама паўтарыў сцвярджэнні, што Беларусь дала рады пандэміі кавіду лепш за іншыя краіны і што смяротнасць у краіне была ў 20 разоў ніжэйшай, чым у іншых. Насамрэч, лішняя смяротнасць у Беларусі ў 2020—2021 гадах была адной з найвышэйшых на свеце. 

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў што ў Бучы не было масавых забойстваў і што Хатынь спалілі «нацмэны».

Ëн таксама некалькі разоў пагражаў Дзянісу Знаку: «Майце на ўвазе, што дзяржава моцная сваім парадкам. Не парушайце законаў, бо за гэта наступае строгая адказнасць. Ты на біялагічны факультэт паступіў? Я зараз у рэктара спытаю, як ён экзамены прымаў».

Nashaniva.com