«І тут падбягае адзін з салідных мужыкоў з уседарожніка: Вы ўсе размаўляеце па-беларуску?»

Гісторыяй з цікавай канцоўкай падзяліўся адзін з карыстальнікаў фэйсбука.

28.08.2022 / 13:25

Ілюстрацыйны здымак

«Выпадак здарыўся на вясковым пляжы на Беразіне. 

Сярод наведвальнікаў размясцілася кампанія салідных мужыкоў, якія смажылі шашлыкі і даволі гучна размаўлялі. Побач стаялі добры катар і салідныя ўседарожнікі. Праз некаторы час недалёка ад іх размясцілася маладая сям'я з дзецьмі сярэдняга школьнага ўзросту. Дзеці адразу ж пабеглі да ракі і сталі разглядаць катар.

Тут адзін з салідных мужыкоў падбягае да бацькоў дзяцей:

— Извините, это ваши дети? Давайте подойдём к ним.

Яны разам пайшлі да катара.

— А вы ўсе размаўляеце па-беларуску? — запытаў мужчына па-беларуску.

— Так.

— І не баіцеся? Час жа ведаеце які.

— Ды не.

— Вы ж будзеце жыць у Беларусі, не з'язджаеце?

— Застаёмся.

— Ах вы дорогие мои! Подождите, я сейчас!

Мужчына ўзрушаны пабег да машыны. Па дарозе крыкнуў аднаму са сваіх сяброў.

— Слава, я один ящик с машины возьму!

Вяртаецца мужык са скрыняй, і расчулена гаворыць:

— Дзякуй вам! Бярыце для сябе і для дзяцей, выдатныя персікі! Можна я вашу сям'ю на катары па Беразіне пакатаю? Мае хлопцы прыглядзяць за вашымі рэчамі».

Nashaniva.com