Генпракуратура Беларусі распачала крымінальныя справы супраць украінскага дэпутата Ганчарэнкі

Народнаму дэпутату Аляксею Ганчарэнку інкрымінуюцца «пагроза гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі» і «дыскрэдытацыя краіны». Дэпутат рэагуе на гэта з гумарам.

25.08.2022 / 21:58

Учора дэпутат адказаў на віншаванне Лукашэнкі з Днём Незалежнасці Украіны, што «ў наступны Дзень незалежнасці Украіны Лукашэнка будзе вісець на слупе. І беларускі народ будзе вольны і будзе жыць у дэмакратычнай дзяржаве!».

«Устаноўлена, што падазраваны ў сувязі з віншаваннем Аляксандрам Лукашэнкам народа Украіны з Днём незалежнасці размясціў у сетцы інтэрнэт публікацыю, у якой утрымліваліся пагроза ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ілжывыя звесткі аб палітычным і сацыяльным становішчы ў Беларусі», — паведамілі ў Генпракуратуры.

У адказ на завядзенне крымінальнай справы Ганчарэнка адказаў і востра, і дасціпна:

«Мой афіцыйны камэнтар: Пайшоў ты за расейскім караблём, Лукашэнка», — заявіў Ганчарэнка. А пра свае крымінальныя справы напісаў:

«Адно пытаньне, а дзе я пагражаў гвалтам Сьвятлане Ціханоўскай? Я пагражаў вашаму клоўну-Лукашэнку, які незаконна захапіў уладу і якому вы дапамагаеце заняволіць мой любімы беларускі народ. Жыве Беларусь!»

Учора Лукашэнка накіраваў віншаванні ўкраінскаму народу і пажадаў яму мірнага неба. Праз некалькі гадзін з тэрыторыі Беларусі працягнуліся ракетныя ўдары па Украіне. 

Nashaniva.com