Літва адмовілася ад расійскіх грузаў, але ў Латвіі іх абарот расце

Пасля адмовы Літвы ад расійскіх і беларускіх грузаў нагрузка на Клайпедскі порт знізілася на 19%. А ў партах Латвіі ў той жа час грузаабарот стаў павялічвацца. Літоўская асацыяцыя стывідарных кампаній мяркуе, што расійскім грузам у Латвіі далі «зялёнае святло».

25.08.2022 / 17:10

Порт у Вентспілсе. Фота: Staffan Vilcans

Кіраўнік Асацыяцыі Вайдотас Шылейка адзначыў, што раней Рыга засталася без вялікай плыні вугалю, які цяпер паступова вяртаецца. Гэта пераважна вугаль і розныя руды, якія дапамагаюць кампенсаваць страты і даюць станоўчы вынік. Падобную сітуацыю назіраюць і ў Вентспілсе.

Вайдотас Шылейка канстатаваў, што грузы з Расіі ідуць цяпер праз Латвію. Па яго словах, у гэтай краіне грузяць тыя тавары, якія не трапляюць пад санкцыі, у той час як у Літве імкнуцца зусім дыстанцыянавацца ад сувязяў з Расіяй.

Пры гэтым Шылейка адзначае, што Латвія і Эстонія і заўсёды арыентаваліся на транзіт расійскіх грузаў, а ў Літвы гэтага і раней было нашмат менш. Таму Рыга і Талін, хутчэй за ўсё, цяпер працуюць з непадсанкцыйнымі грузамі з Расіі і грузамі з Казахстана.

Nashaniva.com