Абхазія захацела ўступіць у саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі

Абхазія гатовая далучыцца да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Пра гэта ў эфіры праграмы «Салаўёў LIVE» заявіў прэзідэнт часткова прызнанай дзяржавы Аслан Бжанія.

25.08.2022 / 14:05

Аслан Бжанія

«У выпадку такой перспектывы, як саюзная дзяржава, [у якую ўвойдуць] Расія, Беларусь і іншыя дзяржавы, якія б хацелі да гэтай Саюзнай дзяржавы далучыцца, мы з задавальненнем падтрымалі б гэтую ідэю і былі б паўнапраўнымі ўдзельнікамі Саюзнай дзяржавы», — сказаў Бжанія ў эфіры тэлеканала «Салаўёў LIVE».

Бжанія дадаў, што абсалютна ўпэўнены ў тым, што ідэя Саюзнай дзяржавы блізкая народу Абхазіі і «адпавядае нацыянальным інтарэсам».

Абхазію прызналі толькі пяць дзяржаў: Расія, Венесуэла, Науру, Нікарагуа, Сірыя. Беларусь Абхазію не прызнае.

Nashaniva.com