«Ёсць небяспека, што мы пацерпім ад эмбарга ЗША». Расія спрабуе прадаваць сваю нафту ў Азіі з вялікай зніжкай, але ёсць нюансы

Расія звярнулася да некалькіх азіяцкіх краін, каб абмеркаваць магчымыя доўгатэрміновыя нафтавыя кантракты з вялікімі зніжкамі, бо афіцыйныя асобы ЗША працягваюць прасоўваць план, які абмяжоўвае цэны нафты, паведамляе Bloomberg са спасылкай на заходняга чыноўніка.

24.08.2022 / 21:58

Паводле яго слоў, вядуцца папярэднія размовы аб тым, каб прапанаваць некаторым азіяцкім пакупнікам зніжкі да 30%. Аднак азіяцкія краіны не спяшаюцца скарыстацца гэтай прапановай.

Міністр турызму Інданезіі Сандыяга Уна заявіў, што Расія прапанавала ягонай краіне прадаваць нафту «па цане, якая на 30% ніжэйшая за цэны міжнароднага рынку». Пры гэтым ён дадаў, што прэзідэнт краіны Джока Відода разглядаў гэтую прапанову, «але ўзнікла рознагалоссе. Ёсць небяспека, што мы пацерпім ад эмбарга ЗША».

Nashaniva.com