Вялікабрытанія адмаўляецца татальна забараняць візы расіянам

Лондан можа зрабіць больш жорсткімі ўмовы выдачы візаў расіянам, але пра поўную забарону гаворкі не ідзе, заявіў міністр абароны Вялікабрытаніі Бен Уолес, адказваючы на пытанні BBC Radio 4.

24.08.2022 / 21:34

Бен Уолес

«Я не ўпэўнены, што поўная забарона — правільны шлях», — сказаў Уолес.

Разам з тым брытанскі міністр лічыць узмацненне жорсткасці ўмоў уезду неабходнай мерай. Ён падкрэсліў, што яму не падабаецца «назіраць, як жонкі алігархаў або тым больш высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў забаўляюцца ў Грэцыі або на поўдні Францыі… у той час як іх армія здзяйсняе ваенныя злачынствы ва Украіне».

Міністр таксама папракнуў Еўрасаюз у непаслядоўнасці пасля анексіі Крыма і пачатку канфлікту ў Данбасе: на ягоную думку, некаторыя краіны працягвалі паводзіць сябе з Расіяй, «нібы нічога не змянілася».

Nashaniva.com