Гандбольнага трэнера з Зэльвы Міхаіла Міхуту асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі» за рэпосты і каментарыі пра Лукашэнку

Суд Зэльвенскага раёна вынес рашэнне па справе аднаго з самых паспяховых гандбольных трэнераў краіны — Міхаіла Міхуты, якога абвінавачвалі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 і ч. 2 арт. 368) і паклёпе ў дачыненні да яго ж (ч. 2 арт. 367). Справу спартоўца разглядала суддзя Люцыя Жук, піша «Вясна».

24.08.2022 / 18:22

Згодна з версіяй абвінавачвання, у чэрвені 2020 года ў сацсетцы ўкантакце Міхаіл зрабіў некалькі рэпостаў, якія «абразілі гонар і годнасць Лукашэнкі ў сувязі з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй Беларусі, а таксама нанеслі шкоду аўтарытэту дзяржаўнай улады».

У адным з рэпостаў утрымліваліся наступныя словы: «Сусветнай супольнасці тэрмінова неабходна прыняць меры па нейтралізацыі асабліва небяспечнага злачынцы [Лукашэнкі]». У другім была размешчаная шаржавая выява Лукашэнкі, на якой ён выглядаў арыштантам.

У свой час у складзе каманды БДУФК Міхаіл Міхута рабіўся чэмпіёнам Еўропы і віцэ-чэмпіёнам свету сярод студэнтаў. Ён таксама родны пляменнік славутага гандбаліста Уладзіміра Міхуты, які тройчы выйграваў чэмпіянат і Кубак СССР у складзе мінскага СКА, а ў 1983-м заваяваў першы міжнародны трафей клубнага гандбола Беларусі — Кубак уладальнікаў кубкаў ЕГФ.

Nashaniva.com