У лідарах — чорны колер. Міністэрства адукацыі падвяло вынікі апытання пра школьную форму

Міністэрства адукацыі падвяло вынікі анлайн-анкетавання аб школьнай форме. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у апытанні прынялі ўдзел больш за 125 тысяч чалавек: бацькоў (75,24%), школьнікаў (15,63%) і педагогаў (9,13%).

19.08.2022 / 22:02

Фота: Міністэрства адукацыі

Удзельнікам анкетавання прапаноўвалася адказаць на пытанні а найбольш адпаведнай форме для дзяўчынак і хлопчыкаў і яе колерах, а таксама пра элементы школьнай формы.

У вопратцы для дзяўчынак першае месца занялі штаны (23,91%), другое — блуза (20,84%).

У хлопчыкаў лідзіравалі кашуля (25,81%) і штаны (24,63%).

38,71% рэспандэнтаў прагаласавалі за чорны колер формы, 12,38% — за шэры.

Самым папулярным элементам адзення аказаліся эмблема (27,12%), гальштук/матылёк (25,87%) і камізэлька (25,03%).

Nashaniva.com