Жыхару Зэльвеншчыны прысудзілі 4,5 года ўзмоцненага рэжыму за абразу Лукашэнкі і расійскіх вайскоўцаў

4,5 года калоніі прысудзілі жыхару Зэльвеншчыны Сяргею Кірыковічу за публічную абразу і пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі і распальванне варожасці, паведамляе «Вясна».

19.08.2022 / 16:23

Гродзенскі абласны суд разгледзеў справу 35-гадовага Сяргея Кірыковіча, якога абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт. 366 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы), ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч.1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

Згодна з матэрыяламі справы, мужчына ў перыяд з лістапада 2020 года па студзень 2022 года размясціў у суполках сацыяльнай сеткі ўкантакце паведамленні, якія змяшчаюць абразы і пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да Лукашэнкі. Ён жа ў лютым 2022 года размясціў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў.

У выніку суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіў Кірыковічу 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Nashaniva.com