Навукоўцы плануюць уваскрэсіць тасманійскага ваўка, што вымер амаль сто гадоў таму

Супрацоўнікі амерыканскай біятэхналагічнай кампаніі Colossal сумесна з навукоўцамі Мельбурнскага ўніверсітэта абвясцілі пра пачатак праекта па ўваскрашэнні сумчатага ваўка, які вымер у 1930-я гады.

16.08.2022 / 17:55

Тасманійскія ваўкі. Фота: «Вікіпедыя»

Донарамі выступяць тлустахвостыя сумчатыя мышы. Іх генетычны матэрыял ператвораць у клеткі сумчатых ваўкоў з дапамогай тэхналогіі рэдагавання генаў. Пасля адраджэння сумчатых ваўкоў іх плануюць рассяліць на аўстралійскім востраве Тасманія.

Характэрна, што гэта далёка не першы амбіцыйны праект біятэхналагічнай кампаніі Colossal. У мінулым годзе яны абяцалі адрадзіць мамантаў і рассяліць іх у Арктыцы.

Сумчаты воўк, ці тылацын, быў адзіным сумчатым драпежнікам Аўстраліі. Калісьці ён жыў на ўсім кантыненце, але каля 3 тыс. гадоў таму арэал распаўсюджвання віду скараціўся да вострава Тасманія. Апошні прадстаўнік віду знік у 1936 годзе.

Nashaniva.com