Пуцін упэўнены, што расійскае ўзбраенне апераджае заходняе на гады і дзесяцігоддзі

Падчас сённяшняга выступлення на адкрыцці форуму «Армія-2022» у парку «Патрыёт» прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін параўнаў расійскае і замежнае ўзбраенне. Ён не сумняваецца, што расійскае ўзбраенне па тактыка-тэхнічных характарыстыках у значнай ступені пераўзыходзіць замежныя аналагі, а таксама апярэджвае іх на гады і нават дзесяцігоддзі, піша ТАСС.

15.08.2022 / 17:48

Уладзімір Пуцін з міністрам абароны Сяргеем Шайгу. Фота: Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Пуцін падкрэсліў, што асаблівая ўвага надаецца ўзорам і сістэмам зброі будучыні. Гаворка ідзе, маўляў, у першую чаргу пра высокадакладную зброю і робататэхніку.

Між тым паўгода развязанай Расіяй вайны ва Украіне не надта пацвярджаюць гэтыя аптымістычныя ацэнкі. Нічога асаблівага ў тэхнічным плане расійская армія за ўвесь гэты час не прадэманстравала, здабываючы некаторыя тактычныя перамогі толькі за кошт агульнай перавагі ў сілах і пераўтвараючы гарады ў руіны.

Заходнія і ўкраінскія аналітыкі часта адзначаюць, што Расія ўсё больш выкарыстоўвае састарэлыя ўзоры тэхнікі і боепрыпасаў, высокадакладнасцю яе ракетныя ўдары вызначаюцца далёка не заўсёды. Амерыканскім жа HIMARS-ам пакуль што эфектыўнага супрацьдзеяння расійскія войскі аказваць увогуле не могуць.

Nashaniva.com