Кавалеўскі пра заклікі не выдаваць беларусам візы: Не трэба пакідаць беларускі народ сам-насам з агрэсіўнай Расіяй

Прадстаўнік нядаўна створанага Аб'яднанага пераходнага кабінета па міжнародных адносінах Валер Кавалеўскі выказаўся адносна закліку Сейма Латвіі з да краінаў Еўрасаюза спыніць дзеянне турыстычных візаў і абмежаваць выдачу візаў на ўезд грамадзянам Беларусі. 

11.08.2022 / 19:16

На думку Кавалеўскага, гэты заклік «пераносіць цяжар адказнасці за злачынства агрэсіі супраць Украіны з Аляксандра Лукашэнкі і яго дыктатарскага рэжыма на беларускі народ, абсалютная большасць якога выступае супраць гэтай вайны і з'яўляецца аб'ектам рэпрэсій ужо трэці год».

Адпаведна ён заклікае краіны Еўрасаюза не дапамагаць рэжыму ізаляваць беларускі народ ад еўрапейскіх каштоўнасцяў і не пакідаць яго сам-насам з агрэсіўнай Расіяй.

Паводле прадстаўніка кабінета, «адпаведным кантэксту рашэннем выглядала б пашырэнне магчымасцяў для беларусаў атрымліваць шэнгенскія і нацыянальныя візы краінаў ЕС дзеля кантактаў паміж людзьмі, адукацыйнага і культурнага абмену. Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі працягне працаваць над тым, каб не дапусціць абмежавальных захадаў супраць беларусаў у ЕС і ў іншых краінах і каб аптымізаваць дзейныя працэдуры атрымання візаў».

Nashaniva.com