Энергаатам: Расійскія войскі зноў абстралялі Запарожскую АЭС

Украінская атамная кампанія «Энергаатам» паведаміла, што расійскія вайскоўцы днём 11 жніўня зноў абстралялі Запарожскую АЭС і тэрыторыі паблізу атамнага аб’екту.

11.08.2022 / 18:25

«Зафіксавана пяць «прылётаў» у раёне камендатуры станцыі — побач з участкам зваркі і сховішчам крыніц выпраменьвання. На невялікім участку загарэлася трава, але, на шчасце, ніхто не пацярпеў», — паведамілі ў «Энергаатаме».

Яшчэ пяць «прылётаў» адбыліся ў раёне пажарнай часці, размешчанай непадалёк ад Запарожскай АЭС. З-за гэтага на станцыі не ўдалося своечасова правесці «перазменку» — аўтобусы з персаналам наступнай змены павярнулі назад у Энергадар. Пакуль працу будуць працягваць працаўнікі папярэдняй змены.

З пачатку вайны ва Украіне тэрыторыя Запарожскай АЭС неаднаразова трапляла пад абстрэлы, бакі абвінавачваюць у гэтым адзін аднаго. Апошні раз ЗАЭС абстралялі 7 жніўня.

Nashaniva.com