Побач з Гроднам 13 жніўня пройдзе «Свята мора»

Мерапрыемства адбудзецца на шлюзе Дамброўка Аўгустоўскага канала. Арганізатары абяцаюць мноства лакацый з конкурсамі, квэст-гульнямі, гульнявымі і інтэрактыўнымі праграмамі.

04.08.2022 / 17:22

Усе ахвотныя змогуць паўдзельнічаць у чэмпіянаце па балотным футболе і «плаванні на чым заўгодна». Апошняе называюць абласным спартыўным святам.

На галоўнай сцэне выступяць артысты Гродзенскага раёна, а ўвечары наведвальнікаў чакае танцавальна-забаўляльная праграма і пенная вечарынка.

Падчас свята будзе працаваць зона фудкорта. Таксама можна будзе наведаць музей гісторыі Аўгустоўскага канала або пакатацца на цеплаходзе.

Nashaniva.com