Расія знайшла шчыліну для паставак нафты ў абыход санкцый

Расія, магчыма, знайшла новы спосаб абысці заходнія санкцыі і паставіць нафту замежным пакупнікам. Схаваць паходжанне расійскай нафты і яе канчатковы пункт прызначэння можа дапамагчы невялікі порт у Егіпце, піша тэлеграм-канал «Агентство. Новости» са спасылкай на Bloomberg.

03.08.2022 / 21:04

Паводле выдання, расійская нафта як мінімум адзін раз дастаўлялася на егіпецкі тэрмінал Эль-Хамра. Ён быў пабудаваны для нафты, што здабываецца ў Егіпце, але цяпер можа выкарыстоўвацца і для таго, каб змешваць расійскую нафту з мясцовай.

Пасля таго, як танкер Crested з расійскай нафтай 24 ліпеня выгрузіў на тэрмінале дастаўленыя 700 тысяч барэляў нафты, іншае судна Chris забрала з порта альбо частку расійскай нафты, змяшаўшы яе з егіпецкай, альбо ўсё дастаўленае з Расіі паліва. Зараз танкер прышвартаваўся да іншага егіпецкага нафтавага тэрмінала Рас-Шухейр на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Тут таксама расійская нафта можа змешвацца з мясцовай.

Выяўленая Bloomberg схема паказвае, наколькі складана выконваць санкцыі, уведзеныя супраць расійскіх энерганосьбітаў.

Ад паставак расійскай нафты ўжо адмовіліся ЗША, а Вялікабрытанія падрыхтавалася да аналагічнага кроку да канца года. Еўрасаюз уключыў у свой шосты пакет санкцый частковае нафтавае эмбарга, якое ўключае забарону на марскія пастаўкі нафты. Мера павінна быць рэалізаваная да канца года.

Nashaniva.com