Памёр былы прэзідэнт Філіпінаў Фідэль Рамас — сілавік, які, выбіраючы паміж народам і дыктатарам, абраў народ

Ва ўзросце 94 гадоў памёр былы прэзідэнт Філіпінаў Фідэль Вальдэс Рамас. Пра гэта паведаміла кіраўніца ўпраўлення па сувязях з грамадскасцю пры кіраўніку дзяржавы Трыксі Крус-Анхелес.

31.07.2022 / 23:38

На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках чыноўніца напісала, што навіну аб смерці былога кіраўніка дзяржавы яны прынялі з глыбокім смуткам. «Ён пакідае пасля сябе яркую спадчыну і надзейнае месца ў гісторыі дзякуючы свайму ўдзелу ў вялікіх пераменах у нашай краіне як у якасці вайскоўца, так і ў ролі кіраўніка выканаўчай улады», — гаворыцца ў апублікаваным паведамленні.

Фідэль Рамас вядомы тым, што ён з'яўляўся кіраўніком Службы канстэбляў Філіпінаў (аналаг пасады міністра ўнутраных спраў) у 1981-1986 гадах, у апошнія гады кіравання краінай дыктатара Фердынанда Маркаса. Калі Маркас неспадзявана прайграў выбары сваёй жанчыне-канкурэнтцы Карасон Акіна, Рамас не стаў душыць пратэсты, а разам з іншымі сілавікамі перайшоў на бок народа. Пасля гэтага ён стаў пры новай уладзе начальнікам Генеральнага штаба і міністрам абароны, а праз шэсць гадоў замяніў Акіна на пасадзе кіраўніка дзяржавы. 

Фідэль Рамас узначальваў дзяржаву з 1992 па 1998 год. Яго адміністрацыя атрымала вядомасць дзякуючы сваёй праграме «Філіпіны-2000», галоўнай мэтай якой было прамысловае развіццё краіны да 2000 года. Многія лічаць, што менавіта дзякуючы гэтай праграме адбылося ажыўленне эканомікі краіны.

Nashaniva.com