Вучыч: Армія Косава плануе апоўначы пачаць аперацыю супраць косаўскіх сербаў

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч заявіў, што косаўскія сілавыя структуры збіраюцца сёння апоўначы пачаць сілавую аперацыю супраць сербаў, якія кампактна жывуць на поўначы краіны і фактычна непадкантрольныя ўраду ў Прышціне.

31.07.2022 / 22:00

«Думаю, што мы ніколі не былі ў больш складанай і цяжкай сітуацыі, чым сёння. Чаму я гэта сказаў? Прышцінскі рэжым спрабуе, прадстаўляючы сябе ахвярай, выкарыстоўваць настроі ў свеце», — заявіў прэзідэнт Сербіі.

Раней на сербска-косаўскай мяжы пачаліся ўзброеныя сутыкненні, косаўскі спецназ закрыў мяжу з Сербіяй.

У 22:00 Вучыч плануе звярнуцца да нацыі. «Мы будзем прасіць аб міры і прасіць міру, але адразу вам скажу: здачы не будзе і пераможа Сербія. Калі яны паспрабуюць пачаць ганенні на сербаў, здзекі над сербамі, забойствы сербаў. Сербія пераможа», — заявіў прэзідэнт Сербіі.

Сербія — адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якія нават цяпер падтрымліваюць добрыя адносіны з пуцінскай Расіяй. Расійскі МЗС ужо выступіў з заяваў у падтрымку Белграда:

«Лідары касавараў ведаюць, што сербы не застануцца абыякавымі, калі гаворка ідзе пра прамую атаку на іх свабоды, і наўмысна ідуць на абвастрэнне, каб запусціць сілавы сцэнар. Зразумела, на вастрыі атакі знаходзіцца і Белград, які Захад хоча дадаткова «нейтралізаваць» касаваалбанскімі рукамі… Заклікаем Прышціну і ЗША ды ЕС, якія стаяць за ёй, да спынення правакацый і да захавання правоў сербаў у Косаве».

Чытайце таксама:

Абвастрылася сітуацыя на мяжы Сербіі з Косавам

Nashaniva.com