У Полацку п'яны кіроўца на BMW урэзаўся ў святлафор, пасажыр машыны загінуў

Падрабязнасці аварыі, якая адбылася раніцай 31 ліпеня, паведамілі ў віцебскай ДАІ. ДТЗ са смяротным зыходам адбылося ў раёне вуліц Багдановіча і Зыгіна ў Полацку.

31.07.2022 / 19:16

За рулём BMW знаходзіўся 25-гадовы кіроўца. Пры павароце яго машына наляцела на бардзюрны камень, урэзалася ў святлафор і асвятляльную апору і перакулілася. У ДТЗ загінуў пасажыр аўто — 28-гадовы мужчына.

Пазней стала вядома, што кіроўца BMW, быў п'яны. Пра гэта паведаміла прэс-служба Следчага камітэта. Таксама ўстаноўлена, што кіроўца раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за парушэнне ПДР. Ён затрыманы, распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Nashaniva.com