Анатоль Чубайс трапіў у рэанімацыю з дзіўнымі сімптомамі

Вядомы расійскі палітык і бізнэсмен Анатоль Чубайс патрапіў у адну з еўрапейскіх клінік з дыягназам сіндром Гіена — Барэ. Яго стан ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці, паведаміла ў тэлеграме Ксенія Сабчак.

31.07.2022 / 18:49

Па словах Сабчак, Чубайсу раптоўна стала дрэнна, у яго сталі адымацца рукі і ногі.

Сіндром Гіена — Барэ — гэта дастаткова рэдкі стан арганізма, пры якім імунная сістэма чалавека б'е па ўласных перыферычных нервах.

66-гадовы Чубайс з'яўляўся адным з нямногіх эканамічных рэфарматараў 1990-х гадоў, якія да 2022 года заставаліся ва ўрадзе Пуціна і падтрымлівалі цесныя сувязі з заходнімі чыноўнікамі. Ён з'ехаў з Расіі пры канцы сакавіка, праз месяц пасля пачатку вайны. 

Натуральным чынам узнікаюць версіі, што Чубайса маглі атруціць. Пакой, дзе знаходзіўся палітык, калі адчуў сябе дрэнна, абследавалі спецыялісты ў касцюмах хімічнай абароны. А супрацоўнікі паліцыі апытвалі ўсіх сведак, паведамляе тэлеграм-канал «Осторожно, новости», які належыць Ксеніі Сабчак.

Сімптомы сіндрома Гіена — Барэ, папярэдне дыягнаставаныя ў Чубайса, вельмі падобныя на сімптомы атручвання.

Nashaniva.com