Праблемы з пастаўкамі газу з Расіі закранулі 12 краін ЕС

«Мы павінны падрыхтавацца да далейшых перабояў ці нават да поўнага спынення забеспячэння расійскім газам», — сказала кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

30.07.2022 / 12:33

 

Фота: AP

«Расія скараціла або перапыніла газазабеспячэнне 12 краін ЕС. Мы павінны падрыхтавацца да далейшых перабояў ці нават да поўнага спынення забеспячэння расійскім газам», — сказала кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у інтэрв'ю партугальскай газеце Diario de Noticias, назваўшы дзеянні Расмі наўмыснымі.

Пры гэтым, адзначыла Урсула фон дэр Ляен, ЕС ужо атрымаў рэкордныя аб'ёмы паставак звадкаванага прыроднага газу з ЗША і атрымлівае ўсё больш газу з Нарвегіі, краін Персідскага заліва, Алжыра і рэгіёну Каспійскага мора.

Раней краіны Еўрасаюза дамовіліся, што з 1 жніўня 2022 года па 31 сакавіка 2023 года скароцяць спажыванне газу на 15% ад свайго сярэдняга паказчыка за апошнія пяць гадоў.

Nashaniva.com